Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 102

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Псальма Давідава. Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё - сьвятое імя Ягонае.
2Дабраславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх добрых дзеяў Ягоных.
3Ён даруе ўсе беззаконьні твае; ацаляе ўсе немачы твае;
4ад магілы жыцьцё тваё вызваляе, вянчае цябе міласьцю і шчадротамі;
5насычае дабротамі жаданьні твае: абнаўляецца, як арол, юнацтва тваё.
6Гасподзь творыць праўду і суд усім пакрыўджаным.
7Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сынам Ізраілевым - дзеі Свае.
8Шчодры і міласьцівы Гасподзь, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы:
9не да канца гневаецца і не навек абураецца.
10Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам:
11бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго;
12як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя;
13як бацька даруе сынам, так даруе Гасподзь тым, хто баіцца Яго.
14Бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы - пыл.
15Дні чалавечыя - як трава; як польная краска, так ён цьвіце.
16Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца ягонае ўжо не пазнае яго.
17А ласка Гасподняя зьвеку й давеку тым, хто баіцца Яго,
18і праўда Ягоная на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Ягоны і памятаюць наказы Ягоныя, каб выконваць іх.

19Гасподзь на нябёсах паставіў Свой трон, і царства Ягонае ўсім валодае.
20Дабраславеце Госпада, усе анёлы Ягоныя, моцныя сілаю, выканаўцы слова Ягонага.
21Дабраславеце Госпада, усе войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што выконваюць волю Ягоную.
22Дабраславеце Госпада, усе дзеі Ягоныя, ва ўсіх месцах валадарства Ягонага. Дабраславі, душа мая, Госпада!