Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 64

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня.
2Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме.
3Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць.
4Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя.
5Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго.
6Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры,
7Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны,
8Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў!
9І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.
10Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;
11Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;
12вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;
13цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,
14лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.