Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 26

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Псальма Давідава. Перад памазаньнем. Гасподзь - сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь - цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца?
2Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць.
3Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду.
4Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную;
5бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу.
6Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам.
7Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне.
8Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе.
9Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой!
10Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме;
11навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх;
12не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю.
13Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых.
14Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада.