Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 138

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.
2Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.
3Ці іду я, ці адпачываю, - Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.
4Яшчэ слова няма на мове маёй, - Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.
5Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.
6Дзіўнае мне Тваё веданьне - высока, дасягнуць яго не магу!
7Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?
8Ці на неба ўзыду - Ты там; ці сыду ў апраметную - і там Ты.
9Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, -
10і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.
11Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;
12але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.
13Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.
14Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,
15Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.
16Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.
17Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!
18Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.

19О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!
20Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.
21Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?
22Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.
23Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае,
24і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.