Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЁВА

ЁВА 38

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:
2хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?
3Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:
4дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.
5Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?
6На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,
7пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?
8Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,
9калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,
10і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,
11і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?
12Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,
13каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,
14каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,
15і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?
16Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?
17Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?
18Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?

19Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?
20Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.
21Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.
22Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,
23якія сьцерагу я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?
24Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі?
25Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы,
26каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека,
27каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту?
28Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы?
29З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, - хто родзіць яго?
30Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае.
31Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль?
32Ці можаш ты выводзіць сузорэі ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі?
33Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі?
34Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе?
35Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы?
36Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму?

37Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба,
38калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца?
39Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят,
40калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе?
41Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся безь ежы?