1Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
2Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
3Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
4Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
5Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
6Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
7Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
8не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
9На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
10у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
11спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
12Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
13Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
14Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
15Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
16Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
17не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
18А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
19Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
20Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
21Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
22Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
23Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
24Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
25Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
26калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
27тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
28і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум.