Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЁВА

ЁВА 15

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў:
2ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым,
3апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы?
4Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога.
5Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных.
6Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе.
7Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны?
8Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць?
9Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас?
10І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго.
11Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе?
12Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш?
13Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы?
14Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны?
15Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго:
16тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду.
17Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў,
18што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх,

19якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў.
20Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка:
21гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік,
22Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч.
23Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры.
24Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы,
25за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся Ўсеўладнаму,
26памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі;
27бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае.
28І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне.
29Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны.
30Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго.
31Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму.
32Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець.
33Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой.
34Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства.
35Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.