1І адказваў Ёў і сказаў:
2праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
3Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
4Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
5Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
6зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
7скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
8Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
9стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
10робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!
11Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
12Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
13Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
14Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
15Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
16Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
17Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
18не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
19Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
20Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
21Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
22Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
23Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
24Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
25Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра,
26імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
27Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся»,
28дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
29Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
30Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
31дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
32Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
33Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
34Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, -
35і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.