Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЁВА

ЁВА 40

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І адказваў Гасподзь Ёву з буры і сказаў:
2аперажы, як мужчына, сьцёгны свае: Я буду пытацца ў цябе, а ты адказвай Мне.
3Ты хочаш скінуць суд Мой, зьвінаваціць Мяне, каб апраўдацца?
4Ці такая ў цябе сіла, як у Бога? І ці можаш загрымець голасам, як Ён?
5Упрыгож сябе велічнасьцю і славаю, апраніся ў бляск і велікапышнасьць;
6вылі лютасьць гневу твайго, паглядзі на ўсё ганарлівае і ўпакоры яго;
7зірні на ўсіх напышлівых і прынізі іх, і зьнішчы бязбожных на месцах іхніх;
8закапай іх усіх у зямлю і твары іхнія накрый цемраю.
9Тады і Я прызнаю, што правіца твая можа цябе ратаваць.
10Вось бегемот, якога Я стварыў, як і цябе; ён есьць траву, як вол;
11вось, яго сіла ў сьцёгнах ягоных і моц ягоная ў мускулах чэрава ягонага;
12паварочвае хвастом сваім, як кедрам; а жылы на клубах яго пераплеценыя;
13ногі ў яго, як медныя трубы; косткі ў яго, як жалезныя пруткі;
14гэта - верх шляхоў Божых: толькі Творца яго можа наблізіць да яго меч Свой;
15горы прыносяць яму ежу, і там усе зьвяры польныя гуляюць;
16ён кладзецца пад зацішнымі дрэвамі, пад дахам трысьнягу і ў балотах;
17зацішныя дрэвы пакрываюць яго сваім ценем; вербы каля ручаёў абступаюць яго;
18вось, ён п'е з рукі і не сьпяшаецца; застаецца спакойны, хоць бы Ярдан памкнуўся да вуснаў ягоных.

19Ці возьме хто яго ў вачах ягоных і ці праколе яму нос бусаком?
20Ці можаш ты вудаю выцягнуць левіятана і вяроўкаю схапіць за язык ягоны?
21ці ўкладзеш колца ў ноздры яго? ці праколеш іголкаю сківіцу ягоную?
22ці будзе ён доўга ўпрошваць цябе і ці будзе гаварыць з табою коратка?
23ці зробіць ён дагавор з табою, і ці возьмеш яго сабе назаўсёды ў рабы?
24ці будзеш бавіцца ім, як птушкаю, і ці зьвяжаш яго як дзяўчатак тваіх?
25ці будуць прадаваць яго таварышы па лоўлі, ці падзеляць яго паміж Хананэйскімі купцамі?
26ці можаш прапароць скуру яго дзідаю і галаву ягоную рыбацкаю астрогаю?
27Кладзі на яго руку тваю і памятай пра барацьбу; больш ня будзеш.