Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - 2 КАРЫНФЯНАЎ

2 КАРЫНФЯНАЎ 6

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1А мы, як памочнікі ў працы, просім вас, каб мілата Божая ня марна была прынята вамі.
2Бо сказана: «у часіну спрыяльную пачуў Я цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог табе». Вось цяпер часіна спрыяльная, вось, цяпер дзень выратаваньня.
3Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не выстаўляць на глум служэньне,
4а ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасьці, у бедах, у гаротах, ва ўцісках,
5пад ударамі, у вязьніцах, у выгнаньнях, на працы, у чуваньнях, у пастах,
6у чысьціні, у добрай разумнасьці, у вялікадушнасьці, у даброці, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
7у слове ісьціны, у моцы Божай, са зброяю праўды ў правай і ў левай руцэ,
8у славе і няславе, пры ганьбе і хвале: нас лічаць ашуканцамі, але мы верныя;
9мы невядомыя, але нас пазнаюць; нас лічаць нябожчыкамі, але вось, мы жывыя; мы караныя, але мы не паміраем;
10нас засмучаюць, а мы заўсёды радуемся; мы гаротнікі, але многіх багацім; мы нічога ня маем, але ўсім валодаем.
11Вусны нашыя адкрытыя вам, Карынфяне, сэрца нашае расшырана.
12Вам ня цесна ў нас; а ў сэрцах вашых цесна.
13Такою ж роўнаю мераю - кажу вам, як дзецям, - зрабеце і вашае сэрца шырокім!
14Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо зь нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасьці зь беззаконьнем? што супольнага ў сьвятла зь цемраю?
15Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо якая саўдзельнасьць у верніка зь няверным?
16Якая агульнасьць храма Божага зь ідаламі? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».
17І таму выйдзіце зь іхнага асяродзьдзя і аддзялецеся, - кажа Гасподзь, - і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас
18і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Усеўладны».