Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ВЫСЛОЎІ

ВЫСЛОЎІ 3

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;
2бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.
3Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:
4і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.
5Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.
6На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.
7Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;
8Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.
9Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;
10і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.
11Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;
12бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.
13Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!
14Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.
15Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.
16Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;
17шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя.
18Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!

19Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;
20Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.
21Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:
22і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.
23Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.
24Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.
25Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;
26бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.
27Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.
28Не кажы сябру твайму: «ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам», калі маеш з сабою.
29Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.
30Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.
31Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,
32бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.
33Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.
34Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.
35Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.