Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ВЫСЛОЎІ

ВЫСЛОЎІ 9

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,
2закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;
3паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:
4«хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:
5«ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;
6адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».
7Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.
8Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;
9дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.
10Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;
11бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.
12Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.
13Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная,
14сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,
15каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:
16«хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна:
17«вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны».
18Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.