Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ВЫСЛОЎІ

ВЫСЛОЎІ 10

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.
2Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
3Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
4Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
5Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.
6Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
7Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
8Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
9Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
10Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
11Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
12Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
13На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.
14Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.
15Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.
16Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.
17Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.
18Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.

19Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.
20Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.
21Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
22Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.
23Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць.
24Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.
25Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная.
26Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.
27Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.
28Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне.
29Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.
30Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.
31З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
32Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.