Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ПСАЛТЫР

ПСАЛТЫР 73

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Вучэньне Асафава. Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?
2Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, - пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
3Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.
4Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;
5выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;
6і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;
7сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;
8сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» - і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.
9Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.
10Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?
11Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.
12Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!
13Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;
14Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.
15Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.
16Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;
17Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.
18Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.

19Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.
20Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.
21Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.
22Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;
23не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.