Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЁВА

ЁВА 22

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І адказваў Таманіцянін і сказаў:
2хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому.
3Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці?
4Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою?
5Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю.
6Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку.
7Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба;
8а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй.
9Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі.
10За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах,
11альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе.
12Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока!
13І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру?
14Хмары - заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле.
15Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя,
16якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю?
17Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны?
18А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне!

19Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго:
20вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасьля іх, тое пажэр агонь.
21Зблізіся ж зь Ім - і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро.
22Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё.
23Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго
24і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў - золата Афірскае.
25І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе,
26бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё.
27Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае.
28Замысьліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло.
29Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам,
30выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх.