Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЁІЛЯ

ЁІЛЯ 1

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Слова Гасподняе, якое было Ёілю, сыну Ватуілаваму.
2Слухайце гэта, старцы, і ўважайце, усе жыхары зямлі гэтай: ці бывала такое ў дні вашыя альбо ў дні бацькоў вашых?
3Перадайце пра гэта дзецям вашым; а дзеці вашыя хай скажуць сваім дзецям, а іхнія дзеці - наступнаму роду;
4пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі.
5Прачнецеся, п'яніцы, і плачце і галасеце, усе, хто п'е віно, на вінаградным соку, бо ён адабраны ад вуснаў вашых!
6Бо прыйшоў на зямлю маю народ моцны і безьлічны; зубы ў яго - зубы ільвіныя, і сківіцы ў яго як у львіцы.
7Спустошыў ён вінаградную лазу маю, а смакоўніцу маю абламаў, абадраў яе нагола і кінуў; пабялелі галіны ў яе,
8Галасі, як маладая жонка, аперазаўшыся вярэтаю, па мужы маладосьці сваёй!
9Спынілася хлебнае прынашэньне і паліваньне ў доме Гасподнім; плачуць сьвятары, служкі Гасподнія.
10Спустошана поле, наракае зямля; бо зьнішчаны хлеб, высах вінаградны сок, зьвяла масьліна.
11Чырванейце ад сораму, земляробы, галасеце, вінаградары, па пшаніцы і ячмені, бо загінула жніво ў полі,
12засохла вінаградная лаза і смакоўніца зьвяла; гранатавае дрэва, пальма і яблыня - усе дрэвы ў полі пасохлі; таму і весялосьць у сыноў чалавечых зьнікла.
13Аперажэцеся вярэтаю і плачце, сьвятары! галасеце, служкі алтара! увайдзеце, начуйце ў вярэтах, службіты Бога майго! бо ня стала ў доме Бога вашага хлебнага прынашэньня і паліваньня.
14Назначце пост, абвясьцеце ўрачысты сход, склічце старцаў і ўсіх жыхароў краіны гэтай у дом Госпада Бога вашага і заклікайце да Госпада.
15О, які дзень! бо дзень Гасподні блізкі: як спусташэньне ад Усемагутнага прыйдзе ён.
16Ці ня перад нашымі вачыма адбіраецца ежа, ад дома Бога нашага - весялосьць і радасьць?
17Стлелі зярнятамі пад камлыгамі сваімі, апусьцелі засекі, разбураны кладоўкі, бо ня стала хлеба.
18Як стогне быдла, паныла ходзяць статкі валоў, бо няма ім пашы! томяцца і статкі авечак.

19Да Цябе, Госпадзе, заклікаю; бо агонь зжэр кормныя пашы пустыні, і полымя папаліла ўсе дрэвы ў полі.
20Нават і жывёлы на полі заклікаюць да Цябе, бо высахлі патокі водаў, і агонь зьнішчыў пашы пустыні.