2І падчас вячэры, калі д'ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
3Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
4устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
5потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
6Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
7Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
8Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
9Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
10Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
11Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
12А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
13Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
14Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
15бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
16Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
17Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
18Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
19Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
20Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
21Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
22Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
23А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
24яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
25Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?