Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ДРУГІ ЗАКОН

ДРУГІ ЗАКОН 2

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І павярнуліся мы і выправіліся ў пустыню да Чэрмнага мора, як казаў мне Гасподзь, і многа часу хадзілі вакол гары Сэіра.
2І сказаў мне Гасподзь, кажучы:
3годзе вам хадзіць вакол гэтай гары, павярнецеся на поўнач;
4і дай народу загад і скажы, вы будзеце праходзіць межы братоў вашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, і яны збаяцца вас; але сьцеражэцеся
5пачынаць зь імі вайну, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на ступак нагі, бо гару Сэір Я даў у валоданьне Ісаву;
6ежу купляйце ў іх за срэбра і ежце; і ваду купляйце ў іх за срэбра і пеце;
7бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ў любой дзеі рук тваіх, спрыяў табе ў час падарожжа твайго па вялікай пустыні гэтай; вось, сорак гадоў Гасподзь, Бог твой, з табою; ты ні ў чым ня меў нястачы.
8І йшлі мы міма братоў нашых, сыноў Ісававых, якія жывуць на Сэіры, дарогаю раўніны, ад Элата і Эцыён-Гавэра, і павярнуліся, і йшлі да пустыні Маава.
9І сказаў мне Гасподзь: ня ўступай у варожасьць з Маавам і не пачынай зь ім вайны; бо Я ня дам табе нічога зь зямлі ягонай у валоданьне, бо Ар аддаў я ў валоданьне сынам Лотавым;
10раней жылі там Эмімы, народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя,
11і яны лічыліся паміж Рэфаімамі, як сыны Энакавыя; а Маавіцяне іх называюць Эмімамі;
12а на Сэіры жылі раней Харэі; але сыны Ісававыя прагналі іх і зьнішчылі іх ад аблічча свайго і пасяліліся замест іх - так, як зрабіў Ізраіль зь зямлёю спадчыны сваёй, якую даў ім Гасподзь;
13дык вось, устаньце і прайдзеце даліну Зарэд. І прайшлі мы даліну Зарэд.
14З таго часу, як мы пайшлі ў Кадэс-Варні і як прайшлі даліну Зарэд мінула трыццаць восем гадоў, і ў нас у табары перавёўся ўвесь род тых, што ходзяць на вайну, як запрысягаўся ім Гасподзь;
15ды і рука Гасподняя была на іх, каб вынішчаць іх з табара, пакуль ня вымерлі.
16А калі перавяліся ўсе тыя, што ходзяць на вайну і вымерлі з асяродзьдзя народу,
17тады сказаў мне Гасподзь, кажучы:
18ты праходзіш сёньня міма межаў Маава, міма Ара,

19і наблізіўся да Аманіцянаў; ня ўступай зь імі ў варожасьць і не пачынай зь імі вайны, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амонавых у валоданьне, бо Я аддаў яе ў валоданьне сынам Лотавым;
20і яна лічылася зямлёю Рэфаімаў; раней жылі на ёй Рэфаімы; а Аманіцяне называюць іх Замзумімамі;
21народ вялікі, шматлікі й высокі, як сыны Энакавыя, і зьнішчыў іх Гасподзь перад абліччам іх, і выгналі яны іх і пасяліліся на іх месцы,
22як Ён зрабіў сынам Ісававым, што жылі на Сэіры, зьнішчыўшы перад абліччам іхнім Харэяў, і яны прагналі іх, і пасяліліся на іх месцы, і жывуць да сёньня;
23і Авэяў, што жылі ў селішчах да самай Газы, Кафтарымы, выйшаўшы з Кафтора, зьнішчылі й пасяліліся на іх месцы.
24Устаньце, выпраўцеся і перайдзеце паток Арнон; вось, Я аддаю ў руку тваю Сігона, цара Эсэвонскага, Амарэяніна, і зямлю ягоную; пачынай авалодваць ёю і вядзі зь ім вайну;
25ад сёньня Я пачну пашыраць страх і жудасьць перад табою на народы пад усім небам; тыя, якія пачуюць пра цябе, задрыжаць і жахнуцца цябе.
26І паслаў я паслоў з пустыні Кедэмот да Сігона, цара Эсэвонскага, са словамі мірнымі, каб сказаць:
27дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; я пайду дарогаю, ня сыду ні направа, ні налева;
28ежу прадавай мне за срэбра, і я буду есьці, і ваду піць давай мне за срэбра, і я буду піць, толькі нагамі маімі прайду -
29так, як зрабілі мне сыны Ісава, што жывуць на Сэіры, і Маавіцяне, што жывуць у Ары, пакуль не перайду празь Ярдан у зямлю, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.
30Але Сігон, цар Эсэвонскі, не згадзіўся дазволіць нам прайсьці празь ягоную зямлю, бо Гасподзь, Бог твой, ажарсьцьвіў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў упартым, каб аддаць яго ў руку тваю, як гэта відно сёньня.
31І сказаў мне Гасподзь: вось, я пачынаю перадаваць табе Сігона і зямлю ягоную; пачынай авалодваць зямлёй ягонай.
32І Сігон з усім народам сваім выступіў супроць нас на бітву да Яаца;
33і перадаў яго Гасподзь, Бог наш, і мы пабілі яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны,
34і ўзялі ў той час усе гарады ягоныя і выклялі ўсе гарады, мужчын і жанчын і дзяцей, не пакінулі нікога жывога;
35толькі ўзялі мы сабе здабычаю быдла іхняе і захопленае ва ўзятых намі гарадах.
36Ад Араіра, які на беразе патока Арнона, і ад горада, які ў даліне, да Галаада ня было горада, які быў бы няпрыступны нам: усё перадаў Гасподзь, Бог наш.

37Толькі да зямлі Аманіцянаў ты не падыходзіў, ні да мясьцінаў паблізу патока Явока, ні да гарадоў на гары, ні да ўсяго, да чаго не загадаў Гасподзь, Бог наш.