1І паклікаў Майсей увесь Ізраіль і сказаў ім: слухай, Ізраіле, пастановы і законы, якія я сёньня скажу ў вушы вашыя, і вывучыце іх і старайцеся выконваць іх.
2Гасподзь, Бог наш, паклаў з намі запавет на Харыве;
3не з бацькамі нашымі паклаў Гасподзь запавет гэты, а з намі, хто тут сёньня ўсе жывыя.
4Твар у твар гаварыў Гасподзь з вамі на гары зь сярэдзіны агню;
5а я стаяў паміж Госпадам і вамі ў той час, каб пераказваць вам слова Гасподняе, бо вы баяліся агню і ня ўзыходзілі на гару. Ён тады сказаў:
6Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства;
7хай ня будзе ў цябе іншых багоў прад абліччам Маім.
8Не рабі сабе балвана і ніякай выявы таго, што на небе ўгары і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі,
9не пакланяйся ім і ня служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які за правіну бацькоў карае дзяцей да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня што ненавідзяць Мяне,
10Які творыць міласьць тысячам тых, хто любіць Мяне і шануе запаветы Мае.
11Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо не пакіне Гасподзь без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае марна.
12Сачы за днём суботнім, каб сьвята шанаваць яго, як наказаў табе Гасподзь, Бог твой;
13шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія працы твае,
14а дзень сёмы субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ніякае працы, ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні вол твой, ні асёл твой, ні ўсякае быдла тваё, ні прыхадзень твой, які ў цябе, каб адпачыў раб твой і рабыня твая, як і ты;
15і памятай, што быў рабом у зямлі Егіпецкай, але Гасподзь, Бог твой, вывеў цябе адтуль рукою моцнаю і мышцаю высокаю, таму і загадаў табе Гасподзь, Бог твой, сьвяткаваць дзень суботні.
16Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
17Не забівай.
18Ня чыні пералюбу.
19Ня крадзь.
20Не кажы фальшывага сьведчаньня на блізкага твайго.
21Не жадай жонкі блізкага твайго і не жадай дома блізкага твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у блізкага твайго.
22Словы гэтыя сказаў Гасподзь усяму сходу вашаму на гары зь сярэдзіны агню, воблака і мораку громазычна, і больш не гаварыў, а напісаў іх на дзьвюх каменных табліцах, і даў іх мне.
23І калі вы пачулі голас зь сярэдзіны мораку, і гара гарэла агнём, дык вы падышлі да мяне, усе правадыры плямёнаў вашых і старэйшыны вашыя,
24і сказалі: вось, паказаў нам Гасподзь, Бог наш, славу Сваю і веліч Сваю, і голас Ягоны чулі мы зь сярэдзіны агню; сёньня бачылі мы, што Бог гаворыць з чалавекам, і той застаецца жывы;
25але цяпер навошта нам паміраць? бо вялікі агонь гэты зжарэ нас; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, дык памрэм,
26бо ці ёсьць якое цела, якое пачула б голас Бога жывога, Які гаворыць зь сярэдзіны агню, як мы, і засталася б жывая?
27падступіся ж і ты і слухай усё, што скажа Гасподзь, Бог наш, і ты пераказвай нам усё, што будзе казаць табе Гасподзь, Бог наш, і мы будзем слухаць і выконваць.
28І Гасподзь пачуў словы вашыя, як вы гутарылі са мною, і сказаў мне Гасподзь: чуў Я словы народу гэтага, якія яны казалі табе; усё, што ні казалі яны, добра;
29о, калі б сэрца іхняе было ў іх такое, каб баяцца Мяне і шанаваць усе запаветы Мае праз усе дні, каб добра было ім і сынам іхнім вечна!
30ідзі скажы ім: «вярнецеся ў намёты свае»,
31а ты тут застанься са Мною, і Я выкажу табе запаветы і пастановы і законы, якім ты павінен навучыць іх, каб яны рабілі на той зямлі, якую Я даю ім у валоданьне.
32Глядзеце, рабеце так, як загадаў вам Гасподзь, Бог ваш; ня ўхіляйцеся ні направа, ні налева;
33хадзеце тым шляхам, якім загадаў вам Гасподзь, Бог ваш, каб вы былі жывыя, і добра было вам, і пражылі багата часу на той зямлі, якую атрымаеце ў валоданьне.