Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ДРУГІ ЗАКОН

ДРУГІ ЗАКОН 17

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Ня прынось у ахвяру Госпаду, Богу твайму, вала, альбо авечкі, на якой будзе загана, альбо што-небудзь благое, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму.
2Калі знойдзецца сярод цябе ў якім-небудзь селішчы тваім, што Гасподзь, Бог твой, дае табе, мужчына альбо жанчына, хто зробіць ліхое прад вачыма Госпада, Бога твайго, пераступіўшы запавет Бога,
3і пойдзе і пачне служыць іншым багам, альбо паклоніцца ім, альбо сонцу, альбо месяцу, альбо ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,
4і табе абвешчана будзе, і ты пачуеш, дык ты добра пашукай: і калі гэта чыстая праўда, калі зроблена мярзота гэтая ў Ізраіле,
5дык выведзі мужчыну таго, альбо жанчыну тую, якія ўчынілі ліха гэта, да варотаў тваіх і пабі іх камянямі да сьмерці.
6Па словах двух сьведкаў, альбо трох сьведкаў, павінен памерці засуджаны на сьмерць: нельга аддаваць сьмерці па словах аднаго сьведкі;
7рука сьведкаў павінна быць на ім раней за ўсё, каб забіць яго, потым рука ўсяго народа; і так вынішчы ліха спасярод сябе.
8Калі ў тваім судзе цяжка будзе табе рассудзіць паміж крывёю і крывёю, паміж судом і судом, паміж пабоямі і пабоямі, і будуць нязгодныя меркаваньні ў варотах тваіх, дык устань і ідзі на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой,
9і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў тыя дні, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе, як рассудзіць;
10і зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, і пастарайся выканаць усё, чаму яны навучаць цябе;
11паводле закона, якому яны навучаць цябе, і паводле вызначэньня, якое яны скажуць табе, зрабі і ня ўхіляйся ні направа, ні налева ад таго, што яны скажуць табе.
12А хто зробіць так дзёрзка, што не паслухаецца сьвятара, які стаіць там на служэньні прад Госпадам, Богам тваім, альбо судзьдзі, той павінен памерці, - і так вынішчы зло зь Ізраіля;
13і ўвесь народ пачуе і збаіцца, і ня будзе болей паводзіцца дзёрзка.
14Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і авалодаеш ёю, і аселішся на ёй, і скажаш: «пастаўлю я над сабою цара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне»,
15дык пастаў над сабою цара, якога выбера Гасподзь, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою цара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе.
16Толькі каб ён ня множыў сабе коней і не вяртаў народа ў Егіпет дзеля памнажэньня сабе коней, бо Гасподзь сказаў вам: «не вяртайцеся больш дарогаю гэтай»;
17і каб не памнажаў сабе жонак, каб не разбэсьцілася сэрца ў яго, і каб срэбра і золата ня множыў сабе празьмерна.
18Але калі ён сядзе на троне царства твайго, павінен сьпісаць сабе сьпіс закона гэтага з кнігі, якая ў сьвятароў лявітаў,

19і няхай ён будзе ў яго, няхай ён чытае яго ва ўсе дні жыцьця свайго, каб вучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і стараўся выконваць усе словы закона гэтага і пастановы гэтыя;
20каб не надзімалася сэрца ягонае перад братамі ягонымі, і каб ня ўхіляўся ён ад закона ні направа, ні налева, каб доўгія дні заставаўся на царстве сваім ён і сыны ягоныя сярод Ізраіля.