Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ДРУГІ ЗАКОН

ДРУГІ ЗАКОН 12

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Вось пастановы і законы, якія вы павінны выконваць у зямлі, якую Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, дае табе ў валоданьне, на ўсе дні, якія вы жыцьмеце на той зямлі.
2Зьнішчыце ўсе мясьціны, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім, на высокіх горах і на пагорках і пад усякім галінастым дрэвам;
3і разбурце ахвярнікі іхнія і паламайце слупы іхнія, і спалеце агнём гаі іхнія і пабеце балваноў - багоў іхніх, і вынішчыце імя іхняе ў месцы тым.
4Але ня тое павінны вы рабіць Госпаду, Богу вашаму,
5бо толькі на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог ваш, з усіх плямёнаў вашых, каб быць імю Ягонаму там, зьвяртайцеся і туды прыходзьце,
6і туды прыносьце цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, і дзесяціны вашыя і ўзьнясеньне рук вашых, і абяцаньні вашыя і дабравольныя прынашэньні вашыя, і першынцаў буйнога быдла вашага і дробнага быдла вашага;
7і ежце там прад Госпадам, Богам вашым, і радуйцеся вы і сем'і вашыя з усяго, што рабілася рукамі вашымі, чым дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой.
8Там вы не павінны рабіць усяго, як мы цяпер тут робім, кожны, што яму здаецца правільным;
9бо вы сёньня яшчэ ня ўступілі ў мясьціну спакою і дзялянку, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
10Але калі пяройдзеце Ярдан і аселіцеся на зямлі, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам у долю, і калі Ён супакоіць вас ад усіх ворагаў вашых, што атачаюць вас, і жыцьмеце ў бясьпецы,
11тады, якое месца выбера Гасподзь, Бог ваш, каб быць імю Ягонаму там, туды прыносьце ўсё, што я наказваю вам: цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, дзесяціны вашыя і ўзьнясенье рук вашых і ўсё, выбранае паводле абяцаньняў вашых, што вы абяцалі Госпаду вашаму;
12і радуйцеся прад Госпадам, Богам вашым, вы і сыны вашыя і дочкі вашыя, і рабы вашыя і рабыні вашыя, і лявіт, які сярод селішчаў вашых, бо няма яму долі і дзялянкі з вамі.
13Асьцерагайся прыносіць цэласпаленьні твае на ўсякім месцы, якое ты ўбачыш;
14а толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь у адным з плямёнаў тваіх, прынось цэласпаленьні твае і рабі ўсё, што наказваю табе.
15А ў астатнім калі толькі зажадае душа твая, можаш закалоць і есьці, па дабраславеньні Госпада, Бога твайго, мяса, якое Ён даў табе, ва ўсіх селішчах тваіх: нячысты і чысты можа есьці гэта, як сарну і як аленя;
16толькі крыві ня ежце: на зямлю вылівайце яе, як ваду.
17Нельга табе есьці ў селішчах тваіх дзесяціны хлеба твайго і віна твайго і алею твайго, і першынцаў буйнога быдла твайго і дробнага быдла твайго, і ўсіх абяцаньняў тваіх, якія ты абяцаў, і дабравольных прынашэньняў тваіх, і ўзьнясеньня рук тваіх;
18а еж гэта прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, - ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім, за ўсё, што робіцца рукамі тваімі.

19Глядзі, не пакідай лявіта ўсе дні, якія жыцьмеш на зямлі тваёй.
20Калі пашырыць Гасподзь, Бог твой, межы твае, як Ён казаў табе, і ты скажаш: «паем я мяса», бо душа твая зажадае есьці мяса, - тады, па жаданьні душы тваёй, еж мяса.
21Калі будзе далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб быць імю Ягонаму там, дык калі з буйнога і дробнага быдла твайго, якое даў табе Гасподзь, як я загадаў табе, і еж у селішчах тваіх, па жаданьні душы тваёй;
22але еж іх так, як ядуць сарну і аленя; нячысты як і чысты могуць есьці гэта;
23толькі строга сачы, каб ня есьці крыві, бо кроў ёсьць душа: ня еж душы разам зь мясам;
24ня еж яе: вылівай яе на зямлю, як ваду;
25ня еж яе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.
26Толькі сьвятыні твае, якія будуць у цябе, і абяцаньні твае прынось, і прыходзь на тое месца, якое выбера Гасподзь,
27і прынось цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; а кроў ахвяраў тваіх павінна пралівацца каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, а мяса еж.
28Слухай і выконвай усе словы гэтыя, якія наказваю табе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе вавек, калі будзеш рабіць добрае і заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.
29Калі Гасподзь, Бог твой, вынішчыць ад аблічча твайго народы, да якіх ты ідзеш, каб узяць іх у валоданьне, і ты, узяўшы іх, паселішся ў зямлі іхняй,
30тады асьцерагайся, каб ты ня трапіў у сетку, ідучы за імі, пасьля зьнішчэньня іх ад аблічча твайго, і ня шукаў багоў іншых, кажучы: «як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я рабіцьму»;
31не рабі так Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым гідзіцца Гасподзь, што ненавідзіць Ён, яны робяць багам сваім: яны і сыноў сваіх і дочак сваіх спальваюць на агні багам сваім.
32Усё, што я наказваю вам, старайцеся выконваць; не дадавай да таго і не адымай ад таго.