Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ДРУГІ ЗАКОН

ДРУГІ ЗАКОН 11

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.
2І ведайце сёньня, - бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага, - Ягоную велічнасьць, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,
3азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,
4і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі, - і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;
5і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
6і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;
7бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.
8Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;
9і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.
10Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;
11а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою, -
12зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.
13Калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,
14дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;
15і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.
16Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;
17і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.
18Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;

19вучэце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;
20і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,
21каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.
22Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,
23дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;
24усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;
25ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.
26Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:
27дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,
28а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.
29Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:
30вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.
31Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.
32Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.