Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - СУДЗЬДЗЯЎ

СУДЗЬДЗЯЎ 21

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1І прысягнулі Ізраільцяне ў Масіфе, кажучы: ніхто з нас не аддасьць дачкі сваёй сынам Веньяміна замуж.
2І прыйшоў народ у дом Божы, і сядзелі там да вечара перад Богам, і нарабілі вялікага галасу, і моцна плакалі,
3і сказалі: Госпадзе, Божа Ізраілеў! навошта здарылася гэта ў Ізраілі, што ня стала цяпер у Ізраіля аднаго племя?
4На другі дзень устаў народ раніцай, і паставілі там ахвярнік, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры.
5І сказалі сыны Ізраілевыя: хто ня прыходзіў на сход да Госпада з усіх плямёнаў Ізраілевых? Бо вялікі праклён сказаны быў на тых, якія ня прыйшлі да Госпада ў Масіфу, і сказана было, што тыя аддадзены будуць сьмерці.
6І ўмілажаліліся сыны Ізраілевыя зь Веньяміна, брата свайго, і сказалі: сёньня адцята адно племя ад Ізраіля;
7што нам рабіць з рэштаю іх, з жанчынамі, калі мы прысягнулі Госпадам не даваць ім жонак з дочак нашых?
8І сказалі: ці няма каго з плямёнаў Ізраілевых, хто ня прыходзіў перад Госпада ў Масіфу? І выявілася, што зь Явіса Галаадскага ніхто ня прыходзіў перад Госпада ў табар на сход.
9І агледжаны народ, і вось, ня было там ніводнага з жыхароў Явіса Галаадскага.
10І паслала туды супольства дванаццаць тысяч чалавек, мужчын дужых, і далі ім загад, кажучы: ідзеце і пабеце жыхароў Явіса Галаадскага мечам, і жанчын і дзяцей;
11і вось што зрабеце: кожнага мужчыну і кожную жанчыну, якія зьведалі ложак мужаў, праклянеце.
12І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса Галаадскага чатырыста дзяўчат, якія ня зьведалі ложка мужавага, і прывялі іх у табар у Сілом, што ў зямлі Ханаанскай.
13І паслала ўсё супольства перагаварыць з сынамі Веньямінавымі, якія былі ў скале Рымоне, і абвясьціла ім мір.
14Тады вярнуліся сыны Веньяміна, і далі ім жонак, якіх пакінулі жывымі з жанчын Явіса Галаадскага; але выявілася, што гэтага было недастаткова.
15А народ шкадаваў Веньяміна, што Гасподзь не захаваў цэласьці плямёнаў Ізраілевых.
16І сказалі старэйшыны супольства: што нам рабіць з астатнімі, што да жонак, бо зьнішчаны жанчыны ў Веньяміна?
17І сказалі: спадчынная зямля няхай застаецца ацалелым сынам Веньяміна, каб ня зьнікла племя зь Ізраіля;
18але мы ня можам даць ім жонак з дочак нашых. Бо сыны Ізраілевыя прысягнуліся, кажучы: пракляты, хто дасьць жонку Веньяміну;

19І сказалі: вось, кожны год бывае сьвята Гасподняе ў Сіломе, што на поўначы ад Вэтыля і на ўсход ад дарогі, якая вядзе з Вэтыля ў Сіхем, і на поўдзень ад Левоны.
20І загадалі сынам Веньяміна і сказалі: ідзеце і засядзьце ў вінаградніках,
21і глядзеце, калі выйдуць дзяўчаты Сіломскія скакаць у карагодах: тады выйдзіце зь вінаграднікаў і схапеце сабе кожны жонку зь дзяўчат Сіломскіх і ідзеце ў зямлю Веньямінавую;
22і калі прыйдуць бацькі іхнія, альбо браты іхнія са скаргаю да нас, мы скажам ім: прасеце нас за іх, бо мы не ўзялі кожнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім; цяпер вы вінаватыя.
23Сыны Веньяміна так і зрабілі, і ўзялі жонак паводле ліку свайго з тых, што былі ў карагодзе, якіх яны захапілі, і пайшлі і вярнуліся ў надзел свой, і пабудавалі гарады і пачалі жыць у іх.
24У той самы час Ізраільцяне разышліся адтуль кожны ў племя сваё і ў род свой, і пайшлі адтуль кожны ў надзел свой.
25У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў тое, што яму здавалася правільным.