1Сказаў ім таксама прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і ня падаць духам,
2кажучы: у адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне ад супраціўніка майго.
4Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: хоць і Бога не баюся і людзей не саромеюся,
5але як што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна ня прыходзіла больш дакучаць мне.
6І сказаў Гасподзь: чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
7Ці ж Бог не абароніць выбраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх?
8кажу вам, што падасьць ім абарону неўзабаве. А Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9Сказаў таксама да некаторых, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны праведныя, і прыніжалі іншых, наступную прытчу:
10два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
11Фарысэй, стаўшы, маліўся сам сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, крыўдзіцелі, блудадзеі, альбо як гэты мытнік:
12пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю.
13А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вочы да неба; але, б'ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа! будзь міласэрны да мяне, грэшніка!
14Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой апраўданы болей, чым той: бо кожны, хто ўзьвялічвае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
15Прыносілі да Яго і дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні, бачачы тое, забаранялі ім.
16Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такіх ёсьць Царства Божае;
17праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
18І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў: Настаўнік добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
19Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог.
20Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; шануй бацьку твайго і маці тваю.
21А той сказаў: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
22Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і мець будзеш скарб на нябёсах, і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
23А ён, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
24Ісус, бачачы, як ён засмуціўся, сказаў: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
25бо лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!
26Тыя, што чулі гэта, сказалі: хто ж можа ўратавацца?
27Але Ён сказаў: немагчымае людзям магчымае Богу.
28А Пётр сказаў: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
29Ён сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага,
30і не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага.
31І адклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага:
32бо выдадуць Яго язычнікам і паглумляцца зь Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго,
33і будуць біць і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
34Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі ім неспасьцігальныя, і яны не разумелі сказанага.
35А калі падыходзіў Ён да Ерыхона, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласьціны;
36і пачуўшы, што міма яго праходзяць людзі, спытаўся: што гэта такое?
37Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе.
38Тады ён закрычаў: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
39Тыя, што ішлі наперадзе, прымушалі яго маўчаць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў! памілуй мяне.
40Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падышоў да Яго, спытаўся ў яго:
41чаго ты хочаш ад Мяне? Ён сказаў: Госпадзе! каб мне бачыць.
42Ісус сказаў яму: Бач! вера твая ўратавала цябе.
43І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь люд, бачачы гэта, узьнёс хвалу Богу.