Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ІСУСА

ІСУСА 14

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Вось, што атрымалі ў надзел сыны Ізраілевыя ў зямлі Ханаанскай, што падзяліў ім у надзел Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў у плямёнах сыноў Ізраілевых;
2па жэрабі дзялілі яны, як загадаў Гасподзь праз Майсея, дзевяці плямёнам і палавіне племя Манасіінага,
3бо двум плямёнам і палавіне племені Гасподзь даў надзел за Ярданам, а лявітам ня даў надзелу сярод іх;
4бо ад сыноў Язэпавых пайшлі два племі: Манасіінае і Яфрэмавае: таму яны і не далі лявітам часткі ў зямлі, а толькі гарады на жыхарства з прадмесьцямі іх пад быдла іхняе і дзеля выгодаў іхніх.
5Як загадаў Гасподзь Майсею, так зрабілі сыны Ізраілевыя, калі дзялілі надзелы.
6Сыны Юдавыя прыйшлі ў Галгал да Ісуса. І сказаў яму Халеў, сын Ефаніі, Кенэзіянін: ты ведаеш, што казаў Гасподзь Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Варне:
7мне было сорак гадоў, калі Майсей, раб Гасподні, пасылаў мяне з Кадэс-Варні агледзець зямлю, і я прынёс яму адказ, што было ў мяне на сэрцы:
8браты мае, якія хадзілі са мною, прывялі ў нясьмеласьць сэрца народу, а я дакладна сьледаваў Госпаду Богу майму;
9і прысягаў Майсей таго дня і сказаў: «зямля, па якой хадзіла нага твая, будзе надзелам табе і дзецям тваім вавек, бо ты дакладна пасьледаваў Госпаду Богу майму»;
10дык вось, Гасподзь пакінуў мяне жывога, як Ён казаў; ужо сорак пяць гадоў прайшло з таго часу, калі Гасподзь сказаў Майсею слова гэтае, і Ізраіль хадзіў па пустыні; цяпер, вось, мне восемдзесят пяць гадоў;
11але і цяпер я такі самы моцны, як і тады, калі пасылаў мяне Майсей: колькі тады ў мяне было сілы, столькі і цяпер ёсьць на тое, каб ваяваць і выходзіць і ўваходзіць;
12дык вось, дай мне гэтую гару, пра якую казаў Гасподзь у той дзень; бо ты чуў у той дзень, што там сыны Энакавыя, і гарады ў іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, Гасподзь са мною, і я выганю іх, як казаў Гасподзь.
13Ісус дабраславіў яго, і даў у надзел Халеву, сыну Ефаніінаму, Хэўрон.
14Такім чынам Хэўрон застаўся надзелам Халева, сына Ефаніінага, Кенэзіяніна, да сёньня, за тое, што ён дакладна пашоў за Госпадам Богам Ізраілевым.
15Імя ў Хэўрона раней было Кірыят-Арбы, як называўся сярод сыноў Энака адзін чалавек вялікі. І зямля супакоілася ад вайны.