1На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага:
2дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара.
3І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны;
4ён адмяніў вышыні, разьбіў статуі, высек дуброву і зьнішчыў меднага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо да самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.
5На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго.
6І прыляпіўся ён да Госпада і не адступаўся ад Яго, і выконваў наказы Ягоныя, якія запавядаў Гасподзь Майсею.
7І быў Гасподзь зь ім: усюды, куды ён ні хадзіў, рабіў ён добра і разумна. І аддзяліўся ён ад цара Асірыйскага і перастаў служыць яму.
8Ён пабіў Філістымлянаў да Газы і ў межах яе, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада.
9На чацьвёртым годзе цара Эзэкіі, гэта значыць, на сёмым годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, пайшоў Салманасар, цар Асірыйскі, на Самарыю і аблажыў яе,
10і ўзяў яе праз тры гады, на шостым годзе Эзэкіі, гэта значыць, на дзявятым годзе Асіі, цара Ізраільскага, узята Самарыя.
11І перасяліў цар Асірыйскі Ізраільцянаў у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх,
12за тое, што яны ня слухаліся голасу Госпада Бога свайго і пераступілі запавет Ягоны: усяго, што наказаў Майсей раб Гасподні, яны ня слухалі і ня выконвалі.
13На чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, супроць усіх умацаваных гарадоў Юды і ўзяў іх.
14І паслаў Эзэкія, цар Юдэйскі, да цара Асірыйскага ў Лахіс сказаць: вінаваты я; адыдзі ад мяне; што накладзеш на мяне, я ўнясу. І наклаў цар Асірыйскі на Эзэкію, цара Юдэйскага, трыста талантаў срэбра і трыццаць талантаў золата.
15І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага.
16У той час зьняў Эзэкія золата зь дзьвярэй дома Гасподняга і зь дзьвярных слупоў, якія пазалаціў Эзэкія, цар Юдэйскі, і аддаў яго цару Асірыйскаму.
17І паслаў цар Асірыйскі Тартана і Рабсарыса і Рабсака з Лахіса да цара Эзэкіі зь вялікім войскам у Ерусалім. І пайшлі, і прыйшлі да Ерусаліма; і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля вадаправода верхняе сажалкі, якая на дарозе поля лямцавальнага.
18І клікалі яны цара. І выйшаў да іх Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец.
19І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкіі: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за спадзяваньне, на якое ты спадзяешся?
20Ты казаў толькі пустыя словы: для вайны патрэбны рада і сіла. А сёньня на каго ты спадзяешся, што адпаўся ад мяне?
21Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто абапрэцца на яе, увойдзе яму ў руку і праколе яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто спадзяецца на яго.
22А калі вы скажаце мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, дык ці не на таго, вышыні і ахвярнікі якога адмяніў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: толькі перад гэтым ахвярнікам пакланяйцеся ў Ерусаліме.
23Дык вось, уступі ў саюз з гаспадаром маім царом Асірыйскім; я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе вершнікаў на іх?
24Як табе адолець і аднаго правадыра з найменшых слуг гаспадара майго? І спадзяешся на Егіпет дзеля калясьніц і коней?
25Пры гэтым ці ж бо я бяз волі Гасподняй пайшоў на месца гэтае, каб спустошыць яго? Гасподзь сказаў мне: ідзі на зямлю гэтую і спустошы яе.
26І сказаў Эліякім, сын Хэлкіін, і Сэўна і Ёах Рабсаку: кажы рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары з намі па-Юдэйску ў голас народу, які на сьцяне.
27І сказаў ім Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці памёт свой і піць мачу сваю з вамі.
28І ўстаў Рабсак і абвясьціў гучным голасам па-Юдэйску, і гаварыў, і сказаў: слухайце слова цара вялікага, цара Асірыйскага!
29Так кажа цар: хай не спакушае вас Эзэкія, бо ён ня можа вас уратаваць ад рукі маёй;
30і хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы: выратуе нас Гасподзь і ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага.
31Ня слухайце Эзэкіі. Бо так кажа цар Асірыйскі: прымірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п'е ваду са свайго калодзежа,
32пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў, ў зямлю масьлічных дрэў і мёду, і будзеце жыць, і не памраце. Ня слухайце ж Эзэкіі, які зводзіць вас, кажучы: Гасподзь уратуе нас.
33Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?
34Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Эны і Івы? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
35Хто з усіх багоў зямель гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Гасподзь выратуе Ерусалім ад рукі маёй?
36І маўчаў народ і не адказвалі яму ні слова, бо быў загад цара: не адказвайце яму.
37І прыйшоў Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісец і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец, да Эзэкіі ў падранай вопратцы, і пераказалі яму словы Рабсакавыя.