Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЯНА - ЯНА 11

ЯНА 11:32-55

Help us?
Click on verse(s) to share them!
32А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
33Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
34і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
35Ісус заплакаў сьлязьмі.
36Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
37А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
38А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
39Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
40Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
41І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
42Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
43Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
44І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
45Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;
46а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.
47Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:
48калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, - і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.
49А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;
50падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.
51Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,
52і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.
53З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
54Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
55Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.

Read ЯНА 11ЯНА 11
Compare ЯНА 11:32-55ЯНА 11:32-55