Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЭСТЭР

ЭСТЭР 4

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Калі Мардахэй даведаўся пра ўсё, што рабілася, падраў вопратку на сабе і надзеў на сябе вярэту ў попеле, і выйшаў на сярэдзіну горада і клікаў зь лямантам вялікім і горкім: зьнішчаецца народ, ні ў чым не вінаваты!
2І дайшоў да царскае брамы і спыніўся, бо нельга было ўваходзіць у царскую браму ў вярэце.
3Гэтак сама і ў любой вобласьці і мясьціне, куды толькі даходзіў загад цара і ўказ ягоны, было вялікае нараканьне ў Юдэяў і пост і плач і лямант; вярэта і попел служылі за пасьцель многім.
4І прыйшлі служанкі Эстэры і еўнухі яе і расказалі ёй, і моцна затрывожылася царыца. І паслала вопратку, каб Мардахэй надзеў яе і зьняў зь сябе вярэту сваю. Але ён ня прыняў.
5Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго зь еўнухаў цара, якога ён прыставіў да яе, і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і чаму гэта?
6І пайшоў Гатах да Мардахэя на гарадскі пляц, які перад царскаю брамаю.
7І расказаў яму Мардахэй пра ўсё, што зь ім здарылася, пра пэўную колькасьць срэбра, якога абяцаў Аман наважыць у скарбніцу царскую за Юдэяў, каб вынішчыць іх;
8уручыў яму сьпіс указа, абнародаванага ў Сузах, пра зьнішчэньне іх, каб паказаць Эстэры і даць ёй знак пра ўсё; прытым наказваў ёй, каб яна пайшла да цара і маліла яго пра памілаваньне і прасіла яго за народ свой;
9І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэры словы Мардахэя.
10І сказала Эстэр Гатаху і паслала яго сказаць Мардахэю:
11усе служкі пры цары і народы ў вобласьцях царскіх ведаюць, што кожнаму і мужчыну і жанчыне, хто ўвойдзе да цара ва ўнутраны двор, калі яго не паклікалі, адзін суд - сьмерць: толькі той, каму падасьць цар свой залаты скіпетр, застанецца жывы. А я ня клікана да цара вось ужо трыццаць дзён.
12І пераказалі Мардахэю словы Эстэры.
13І сказаў Мардахэй у адказ Эстэры: ня думай, што ты адна выратуешся ў доме царскім з усіх Юдэяў.
14Калі ты прамаўчыш у гэты час, дык свабода і збавеньне прыйдзе Юдэям зь іншай мясьціны, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці не дзеля такога часу ты і дасягнула годнасьці царскай?
15І сказала Эстэр ў адказ Мардахэю:
16ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія ў Сузах, і пасьцецеся дзеля мяне, і ня ежце і ня пеце тры дні ні ўдзень, ні ўначы, і я з служанкамі маімі буду таксама пасьціцца і потым пайду да цара, хоць гэта супроць закона, і калі загіну - загіну.
17І пайшоў Мардахэй і зрабіў, як сказала яму Эстэр.