7А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.
8А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго.
9У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.
10Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,
11і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.
12Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.
13Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.
14А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!
15Пасля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;
16з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.
17Як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.
18На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.
19Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.
20А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны - шчырыя слугі закона;
21а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.
22Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.