1Пётр і Ян ішлі разам у храм а дзявятай гадзіне малітвы.
2І быў чалавек, кульгавы ад улоньня маці ягонай, якога насілі і садзілі кожнага дня каля дзьвярэй храма, што называліся Прыгожымі, прасіць міласьціны ў тых, што ўваходзілі ў храм;
3ён, убачыўшы Пятра і Яна каля ўваходу ў храм, прасіў у іх міласьціны.
4Пётр зь Янам, прыгледзеўшыся да яго, сказаў: зірні на нас.
5І той пільна глядзеў на іх, спадзяючыся атрымаць ад іх што-небудзь.
6Але Пётр сказаў: срэбра і золата няма ў мяне, а што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі.
7І, узяўшы яго за правую руку, падняў; і раптам умацаваліся ў таго ступакі і калені,
8і, ускочыўшы, устаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў зь імі ў храм, пахаджаючы і падскокваючы, і славячы Бога,
9і ўсе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога;
10і пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожых дзьвярэй храма дзеля міласьціны, і напоўніліся жахам і зьдзіўленьнем з таго, што сталася зь ім.
11І як што аздароўлены кульгач не адступаўся ад Пятра і Яна, дык увесь люд у зьдзіўленьні зьбегся да іх у прытвор, называны Саламонавым.
12Убачыўшы гэта, Пётр сказаў люду: мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, або чаго глядзіце на нас, быццам мы сваёй сілаю і пабожнасьцю зрабілі так, што ён ходзіць.
13А Бог Абрагамаў і Ісаакаў і Якаваў, Бог бацькоў нашых праславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы прадалі і Якога зракліся перад абліччам Пілата, калі ён судзіў адпусьціць Яго.
14Але Сьвятога і Праведнага вы адцураліся, і прасілі памілаваць чалавека-душагуба,
15а Пачынальніка Жыцьця забілі; Гэтага Бог уваскрэсіў зь мёртвых, і мы сьведкі таго.
16І празь веру ў імя Ягонае, імя Ягонае ўмацавала гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад ўсімі вамі.
17А цяпер, я ведаю, браты, што вы як і начальнікі вашыя, зрабілі гэта празь несьвядомасьць;
18А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў - пацярпець Хрысту, так і выканаў.
19Дык пакайцеся і навярнецеся, каб загладзіліся грахі вашыя,
20хай прыйдуць часіны лагоды ад аблічча Гасподняга, і хай пашле Ён наканаванага вам Ісуса Хрыста,
21Якога неба павінна было прыняць да часу зьдзяйсьненьня ўсяго, што казаў Бог вуснамі ўсіх сьвятых Сваіх прарокаў ад веку.
22Майсей сказаў бацькам: «Гасподзь Бог ваш паставіць вам з братоў вашых Прарока, як мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён ні будзе казаць вам;
23і будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока Таго, зьнішчыцца з народу».
24І ўсе прарокі ад Самуіла і пасьля яго, колькі іх ні вяшчалі, таксама абвясьцілі наперад дні гэтыя.
25Вы сыны прарокаў і запавету, які запавядаў Бог бацькам вашым, кажучы Абрагаму: «і ў семені тваім дабраславяцца ўсе плямёны зямныя».
26Бог, уваскрэсіўшы Сына Свайго Ісуса, да вас першых паслаў Яго дабраславіць вас, адхіляючы кожнага з вас ад ліхіх дзеяў вашых.