Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ДЗЕІ

ДЗЕІ 13

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл.
2Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў.
3Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
4Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр,
5і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня.
6Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус,
7які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае.
8А Яліма чарадзей, - так тлумачыцца імя ягонае, - пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры.
9Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго,
10сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д'яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх?
11І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра.
12Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.
13Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.
14А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі.
15Пасьля чытаньня закона і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы браты! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце.
16Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце:
17Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе,
18і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні;

19і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную,
20і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла;
21потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Сайла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак.
22Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: «знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда» сына Ясеевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае».
23Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса.
24Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму.
25А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.
26Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.
27Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,
28і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;
29а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.
30Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;
31Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня - сьведкі Яго перад людзьмі.
32І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,
33як і ў другой псальме напісана: «Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў».
34А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: «Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду».
35Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне».
36Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне;

37а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня.
38Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы браты, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў;
39і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы.
40Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў:
41«глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам».
42Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу.
43Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай.
44У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае;
45але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал.
46Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў:
47Бо так наказаў нам Гасподзь: «Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі».
48Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё.
49І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
50Але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў.
51А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію.
52А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.