13І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.
14Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.
15Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.
16І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!
17Бо Гасподзь - Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.
18Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён - Бог наш.
19Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.
20Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.
21І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.
22Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада - служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.
23Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.
24Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.
25І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.
26І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і ўзяў вялікі камень і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.
27І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.