Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - МАЦЬВЕЯ - МАЦЬВЕЯ 13

МАЦЬВЕЯ 13:24-58

Help us?
Click on verse(s) to share them!
24Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
25калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
26калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
27Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
28А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
29А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
30пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
31Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
32якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
33Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
34Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
35каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
36Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
37А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
38поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта - сыны Царства, а куколь - сыны ліхога;
39вораг, які пасеяў яго, ёсьць д'ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы - анёлы.
40А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
41пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
42і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
43тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
44Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
45Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
46які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
47Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
48які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
49Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
50і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
51Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
52А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
53І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
54І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
55ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
56і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
57І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
58І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.

Read МАЦЬВЕЯ 13МАЦЬВЕЯ 13
Compare МАЦЬВЕЯ 13:24-58МАЦЬВЕЯ 13:24-58