Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - МАЦЬВЕЯ

МАЦЬВЕЯ 2

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:
2дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.
4І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос?
5Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:
6«І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».
7Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі
8і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
10Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,
11і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
12І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
13Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
15і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
16Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
17Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
18«Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».

19А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
20і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.