1Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
2Устань і сыдзі ў дом ганчара, і там Я абвяшчу табе Маё слова.
3І сышоў я ў дом ганчара, і вось ён рабіў сваю працу на крузе.
4І посуд, які ганчар рабіў з гліны, разваліўся ў руцэ ягонай; і ён зноў зрабіў яго, другі посуд, які ганчар надумаўся зрабіць.
5І было слова Гасподняе мне:
6Ці не магу Я ўчыніць з вамі, доме Ізраілеў, як гэты ганчар? кажа Гасподзь. Вось, што гліна - у руках у ганчара, тое самае - вы ў Маёй руцэ, доме Ізраілеў.
7Часам Я скажу пра які-небудзь народ і царства, што выкарчую, зламаю і загублю яго;
8але калі народ гэты, пра які Я гэта мовіў, адвернецца ад сваіх благіх дзеяў, Я адмяню ліха, якое надумаў зрабіць яму.
9А часам скажу пра які-небудзь народ і царства, што ўладжу і ўмацую яго;
10але калі ён будзе рабіць благое перад вачыма Маімі і ня слухацца голасу Майго, Я адмяню тое добрае, якім хацеў удабрачыніць яму.
11Дык вось скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліма: так кажа Гасподзь: вось, Я рыхтую вам ліха і намышляю супроць вас; дык вось, адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і папраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя.
12Але яны кажуць: «не спадзявайся, мы будзем жыць згодна са сваім намыслам і будзем рабіць кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго».
13Таму так кажа Гасподзь: спытайцеся сярод народаў, ці чуў хто падобнае на гэта? вельмі гнюсотныя дзеі ўчыніла дзева Ізраілева.
14Ці пакідае сьнег Ліванскі скалу гары? ці канчаюцца халодныя воды, якія цякуць зь іншых мясьцінаў?
15А народ Мой пакінуў Мяне; яны кадзяць марным, спатыкнуліся на дарогах сваіх, пакінулі шляхі старадаўнія, каб хадзіць па сьцежках шляху непракладзенага,
16каб зрабіць зямлю сваю жахам, заўсёдным пасьмешышчам, так што кожны, хто праходзіцьме па ёй, зьдзівіцца і паківае галавою сваёю.
17Як усходнім ветрам разьвею іх перад абліччам ворага; сьпінаю, а ня тварам павярнуся да іх у дзень бедства іхняга.
18А яны сказалі: «прыйдзеце, складзем змову супроць Ераміі; бо ня зьнік жа закон у сьвятара, і рада ў мудрага, і слова ў прарока; прыйдзеце, паб'ем яго языком і ня будзем уважаць словам ягоным».
19Уважы мне, Госпадзе, і пачуй голас маіх супраціўцаў.
20Ці трэба плаціць злом за дабро? а яны капаюць яму для душы маёй. Уважы, што я стаю перад абліччам Тваім, каб гаварыць за іх добрае, каб адвярнуць ад іх гнеў Твой.
21Дык вось аддай сыноў іхніх голаду і ўвядзі іх пад меч; хай будуць іх жонкі бязьдзетныя і ўдовы, і мужоў іхніх няхай сьмерць прыбярэ, а юнакі іхнія - хай будуць усьмерчаны мечам на вайне.
22Хай будзе чуцен енк іхні з дамоў іхніх, калі прывядзеш на іх войска зьнянацку; бо яны капаюць яму, каб злавіць мяне, і таемна паставілі сеткі на ногі мае.
23Але Ты, Госпадзе, ведаеш усе намыслы іх супроць мяне, каб усьмерціць мяне; не даруй іхняй няпраўды і грэху іхняга не загладзь перад абліччам Тваім; хай будуць яны звалены перад Табою; учыні зь імі ў час гневу Твайго.