1Слова, якое было Ерамію ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Ісаі, цара Юдэйскага:
2ідзі ў дом Рэхавітаў і пагавары зь імі, і прывядзі іх у дом Гасподні, у адзін пакой, і дай ім піць віна.
3Я ўзяў Язанію, сына Ераміі, сына Авацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных і ўвесь дом Рэхавітаў,
4і прывёў іх у дом Гасподні, да сына Анана, сына Гадаліі, чалавека Божага, у пакой, які - каля пакоя князёў, над пакоем Маасэі, сына Сэлумавага, вартаўніка каля ўваходу;
5і паставіў перад сынамі дома Рэхавітаў поўныя чары віна і шклянкі і сказаў ім: «пеце віно».
6Але яны сказалі: «мы віна ня п'ём, бо Ёнадаў, сын Рэхаваў, бацька наш, даў нам запаведзь, сказаўшы: ня пеце віна ні вы, ні дзеці вашы давеку;
7і дамоў ня будуйце і насеньня ня сейце, і вінаграднікаў не разводзьце і ня майце іх, а жывеце ў вашых намётах ва ўсе дні жыцьця вашага, каб вам доўга пражыць на той зямлі, дзе вы вандруеце.
8І паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхамавага, бацькі нашага, ва ўсім, што ён наказаў нам, каб ня піць віна ва ўсе дні нашыя, - мы і жонкі нашыя, і сыны нашыя і дочкі нашыя, -
9і каб не будаваць дамоў для жыхарства нашага; і ў нас няма ні вінаграднікаў ні палёў ні пасеву;
10а жывём у намётах і ва ўсім слухаемся і робім усё, што наказаў нам Ёнадаў, бацька наш.
11Калі ж Навухаданосар, цар Вавілонскі, прыйшоў у зямлю гэтую, мы сказалі: хадзем, сыдзем у Ерусалім ад войска Халдэяў і ад войска Арамэяў, - і вось, мы жывём у Ерусаліме».
12І было слова Гасподняе Ераміі:
13так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: ідзі і скажы мужчынам Юды і жыхарам Ерусаліма: няўжо вы ня возьмеце з гэтага навуку сабе, каб слухацца словаў Маіх? кажа Гасподзь.
14Слова Ёнадава, сына Рэхамавага, які наказаў сынам сваім ня піць віна, выконваецца, і яны ня п'юць да сягоньня, бо слухаюцца наказу бацькі свайго; а Я бесьперастанку казаў вам, казаў з самай раніцы, - і вы не паслухаліся Мяне.
15Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы і казаў: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і выпраўце паводзіны вашыя і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім, - і жыцьмеце на гэтай зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым; але вы ня прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.
16Як бо сыны Ёнадава, сына Рэхамавага, выконваюць наказ бацькі свайго, які ён наказаў ім, а народ гэты ня слухаецца Мяне,
17таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма ўсё тое ліха, якое Я выказаў на іх, бо Я казаў ім, а яны ня слухаліся, клікаў іх, а яны не адказвалі.
18А дому Рэхавітаў сказаў Ерамія: за тое, што вы паслухаліся запавету Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе наказы ягоныя і ва ўсім паводзіцеся, як ён наказаў вам, -
19за тое, - так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, не адымецца ў Ёнадава, сына Рэхамавага, муж, які стаіць перад абліччам Маім ва ўсе дні.