Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЕРАМІІ

ЕРАМІІ 30

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Слова, якое было Ерамію ад Госпада:
2так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: напішы сабе ўсе словы, якія Я казаў табе, у кнігу,
3бо вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я вярну з палону народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа Гасподзь; і прывяду іх зноў у тую зямлю, якую даў бацькам іхнім, і яны будуць валодаць ёю.
4І вось - тыя словы, якія сказаў Гасподзь пра Ізраіля і Юду.
5Так сказаў Гасподзь: голас трывогі і жудасьці чуем мы, а ня міру.
6Спытайцеся і разважце: ці родзіць мужчына? Чаму ж Я бачу ў кожнага мужчыны рукі на сьцёгнах ягоных, як у жанчыны ў родах, і твары ва ўсіх бледныя?
7О, гора! вялікі той дзень, ня было падобнага да яго; гэта - бядотны час у Якава, але ён будзе ўратаваны ад яго.
8І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф: паламаю ярмо ягонае, якое на шыі тваёй, і повязі твае парву; і ня будзе ўжо служыць чужаземцам,
9але будуць служыць Госпаду Богу свайму і Давіду свайму, якога Я пастаўлю ім.
10І ты, рабе Мой Якаве, ня бойся, кажа Гасподзь, і не палохайся, Ізраіле; бо вось, Я ўратую цябе з далёкай краіны і племя тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў і будзе жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго,
11бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб ратаваць цябе: Я цалкам вынішчу ўсе народы, сярод якіх расьсеяў цябе, а цябе ня зьнішчу; я буду караць цябе ў меру, але непакараным не пакіну цябе.
12Бо так кажа Гасподзь: рана твая незагойная, пошасьць твая жорсткая;
13ніхто не клапоціцца пра справу тваю, каб загоіць рану тваю; гаючых лекаў няма для цябе;
14усе сябры твае забылі цябе, ня шукаюць цябе; бо Я пабіў цябе ўдарамі непрыяцельскімі, жорсткаю караю за мноства беззаконьняў тваіх, бо грахі твае памножыліся.
15Што ты енчыш пра раны твае, пра жорсткасьць хваробы тваёй? за мноства беззаконьняў тваіх Я зрабіў табе гэта, бо грахі твае памножыліся.
16Але ўсе, хто пажырае цябе, будуць зжэртыя; і ўсе ворагі твае - усе самі пойдуць у палон, і спусташальнікі твае будуць спустошаныя, і ўсіх рабаўнікоў тваіх аддам на рабунак.
17Я абкладу цябе пластырам і вылечу цябе ад ранаў тваіх, кажа Гасподзь. Цябе называлі адкідам, кажучы: «вось Сіён, пра які ніхто ня пытаецца».
18Так кажа Гасподзь: вось, вярну палон намётаў Якава і селішчы ягоныя памілую, - і горад зноў будзе пабудаваны на пагорку сваім, і храм уладкуецца як раней.

19І ўзьнясуцца зь іх падзяка і голас разьвяселеных; і Я памножу іх, і ня будуць меншыцца, і праслаўлю іх, і ня будуць прыніжаныя.
20І сыны ягоныя будуць, як раней, і гурт ягоны будзе стаяць перад Мною, і пакараю ўсіх уціскальнікаў ягоных.
21І будзе правадыр ягоны зь яго самога, і валадар ягоны будзе паходзіць з асяродзьдзя яго; і Я набліжу яго і ён падступіцца да Мяне; бо хто наважыцца сам па сабе наблізіцца да Мяне? кажа Гасподзь.
22І вы будзеце Маім народам, і Я буду вам Богам.
23Вось, лютая віхура ідзе ад Госпада, віхура грозная; яна ідзе на галаву бязбожнікаў.
24Палымяны гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і ня спраўдзіць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.