3У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.
4І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.
5І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.
6Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?
7І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.
8Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.
9Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.
10А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.
11Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.
12Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.
13І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Херэса.
14І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.