1І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
2І ў яго былі браты, сыны Ёсафата: Азарыя і Ехііл, і Захар і Азарыя і Міхаіл і Сафатыя: усе гэтыя сыны Ёсафата, цара Ізраілевага.
3І даў ім бацька іхні вялікія дарункі срэбрам і золатам і каштоўнасьцямі, разам з умацаванымі гарадамі ў Юдэі; а царства аддаў Ёраму, бо ён першынец.
4І ўступіў Ёрам на царства бацькі свайго і ўмацаваўся, і ўсьмерціў усіх братоў сваіх мечам і таксама некаторых з князёў Ізраілевых;
5трыццаць два гады было Ёраму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;
6і хадзіў ён шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонка яго, - і рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх.
7Аднак жа не хацеў Гасподзь загубіць дом Давідаў дзеля запавета, які заключыў з Давідам, і таму што абяцаў даць яму сьвяцільню і сынам ягоным на ўсе часы.
8У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад улады Юды, і паставілі над сабою цара.
9І пайшоў Ёрам з ваеначальнікамі сваімі, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаўшы ўначы, пабіў Ідумэян, якія акружалі яго, і начальных над калясьніцамі.
10Аднак выйшаў Эдом з-пад улады Юды да сёньня. У той час выйшла і Ліўна з-пад улады ягонай, бо ён пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх.
11Таксама вышыні зладзіў ён на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у заблуду жыхароў Ерусаліма і спакусіў Юдэю.
12І прыйшло да яго пісьмо ад Ільлі прарока, у якім было сказана: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: за тое, што ты не пайшоў шляхамі Ёсафата, бацькі твайго, і шляхамі Асы, цара Юдэйскага,
13а пайшоў шляхам цароў Ізраільскіх і ўвёў у заблуду Юдэю і жыхароў Ерусаліма, як уводзіў у заблуду дом Ахаваў, а яшчэ і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія лепшыя за цябе, аддаў сьмерці,
14за тое вось Гасподзь пабіў паражэньнем вялікім народ твой і сыноў тваіх, і жонак тваіх і ўсю маёмасьць тваю,
15а цябе самога - хваробаю моцнаю, хваробаю вантробаў тваіх да таго, што будуць выпадаць вантробы твае ад хваробы дзень у дзень.
16І ўзбунтаваў Гасподзь супроць Ёрама дух Філістымлянаў і Аравіцянаў, сумежных Эфіопам;
17і яны пайшлі на Юдэю і ўварваліся ў яе, і захапілі ўсю маёмасьць, якая была ў доме цара, таксама і сыноў ягоных, і не засталася ў яго сына, акрамя Ахозіі, меншага з сыноў ягоных.
18А пасля ўсяго гэтага пабіў Гасподзь вантробы яго хваробаю нявылечнаю.
19Так было дзень у дзень, а пад канец другога года выпалі вантробы ягоныя ад хваробы ягонай, і ён памёр у ліхіх пакутах; і не спаліў дзеля яго народ ягоны пахошчаў, як рабіў гэта дзеля бацькоў ягоных;
20трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме, і адышоў неаплаканы, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым, але ня ў царскіх магільніцах.