33Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
34Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
35І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
36Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
37бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
38Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
39І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
40А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
41І Сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
42кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
43І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
44І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
45Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
46і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
47Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
48А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
49Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
50І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.