33 Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
34 Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
35 І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
36 Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
37 бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: «і да зладзеяў залічаны». Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
38 Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
39 І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
40 А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
41 І Сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
42 кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
43 І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
44 І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
45 Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
46 і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
47 Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
48 А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
49 Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
50 І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.