1Віно - глумлівае, сікера - шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.
2Пагроза царовая - нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.
3Гонар чалавеку - ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца - неразумны.
4Гультай зімою не арэ; жабруе летам - і няма нічога.
5Помыслы ў сэрцы ў чалавека - глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.
6Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?
7Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!
8Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.
9Хто можа сказаць: «я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?»
10Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое - агідныя Госпаду.
11Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?
12Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць - і тое і другое стварыў Гасподзь.
13Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.
14«Дрэнна, дрэнна», кажа пакупнік; а як адыдзе - хваліцца.
15Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд - вусны разумныя.
16Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.