Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - ЮДЫ

ЮДЫ 1

Help us?
Click on verse(s) to share them!
1Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
2міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
3Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне - паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
4Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
5Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
6і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
7Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, -
8гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
9Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д'яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
10А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.
11Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
12Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта - бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
13раз'юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
14Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх -
15чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
16Гэта - наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
17Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
18яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.

19Гэта - людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
20А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
21захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
22і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
23а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
24А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
25адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.