Text copied!
CopyCompare
Біблія (пераклад В.Сёмухі) - 3 ЦАРСТВАЎ - 3 ЦАРСТВАЎ 8

3 ЦАРСТВАЎ 8:46-62

Help us?
Click on verse(s) to share them!
46Калі яны згрэшаць прад Табою, - бо няма чалавека, які не грашыў бы, - і Ты ўгневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і тыя, што паланілі іх і павядуць іх у няпрыяцельскую зямлю, далёкую альбо блізкую,
47і калі яны на зямлі, у якой будуць жыць у палоне, увойдуць у сябе і зьвернуцца і будуць маліцца Табе на зямлі тых, што паланілі іх, кажучы: «мы зграшылі, учынілі беззаконьне, мы вінаватыя»,
48і калі павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі ворагаў, якія паланілі іх, і будуць маліцца Табе, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
49тады пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, малітву і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім;
50і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою, і ўсе благія ўчынкі ягоныя, якія ён зрабіў прад Табою, і абудзі спагаду да іх у тых, што паланілі іх, каб яны былі мілажальныя да іх:
51бо яны - Твой народ і Твой надзел, які Ты вывеў зь Егіпта, з жалезнай печы.
52Хай будуць вочы Твае адкрытыя на малітву раба Твайго і на малітву народу Твайго Ізраіля, каб чуць іх заўсёды, калі яны будуць заклікаць Цябе,
53бо Ты аддзяліў іх сабе ў надзел з усіх народаў зямлі, як Ты сказаў праз Майсея, раба Твайго, калі вывеў бацькоў нашых зь Егіпта, Уладыка Госпадзе!
54Калі Саламон прамовіў усё гэта маленьне і прашэньне да Госпада, тады ўстаў з каленяў ад ахвярніка Гасподняга, а рукі ягоныя былі паднятыя да неба.
55І стоячы дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, гучным голасам кажучы:
56дабраславёны Гасподзь, Які даў спакой народу Свайму Ізраілю, як казаў! не засталося нявыкананага ніводнага слова з усіх добрых слоў Яго, якія Ён прамовіў праз раба Свайго Майсея;
57хай будзе з намі Гасподзь Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас,
58схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым;
59і хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся прад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень,
60каб усе народы ўведалі, што Гасподзь ёсьць Бог, і няма апрача Яго;
61хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня.
62І цар і ўсе Ізраільцяне зь ім прынесьлі ахвяру Госпаду.

Read 3 ЦАРСТВАЎ 83 ЦАРСТВАЎ 8
Compare 3 ЦАРСТВАЎ 8:46-623 ЦАРСТВАЎ 8:46-62