15Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго.
16Пачуўшы пра намысел гэты, сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла.
17А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму.
18Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе.
19Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне?
20Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную.
21Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня.