4Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.
5І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.
6Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
7І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.
8У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.
9Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.
10І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.
11Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
12Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.
13Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.
14І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.
15Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
16І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго: і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.
17На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;
18і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.
19Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.