17А пяць чалавек, якія хадзілі на агледзіны зямлі, пайшлі, увайшлі туды, узялі балвана і наплечнік, тэрафім і літага балвана. Сьвятар стаяў каля брамы з тымі шасьцюстамі чалавек, аперазаных вайсковай зброяй.
18Калі яны ўвайшлі ў дом Міхі і ўзялі балвана, наплечнік, тэрафім і літага балвана, сьвятар сказаў ім: што вы робіце?
19Яны сказалі яму: маўчы, пакладзі руку тваю на вусны твае і йдзі з намі; і будзь у нас бацькам і сьвятаром. Ці ж лепей табе быць сьвятаром у доме аднаго чалавека, чым быць сьвятаром у племі альбо ў родзе Ізраілевым?
20Сьвятар узрадаваўся і ўзяў наплечнік, тэрафім і балвана, і пайшоў за народам.
21Яны павярнуліся і пайшлі, і прапусьцілі дзяцей, быдла і грузы наперад.
22Калі яны адышліся ад дома Міхі, жыхары дамоў, суседніх з домам Міхі, сабраліся і пагналіся за сынамі Данавымі.
23І крычалі сынам Данавым. Сыны Данавыя абярнуліся, і сказалі Міху: чаго табе, чаго ты так крычыш?
24Міха сказаў: вы ўзялі багоў маіх, якіх я зрабіў, і сьвятара, і пайшлі; чаго яшчэ болей? як жа вы кажаце: «чаго табе?»
25Сыны Данавыя сказалі яму: маўчы, каб мы ня чулі голасу твайго; інакш некаторыя з нас, угневаўшыся, нападуць на вас, і ты загубіш сябе і сямэю тваю.
26І пайшлі сыны Данавыя дарогай сваёй; а Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, пайшоў назад і вярнуўся ў дом свой.
27А сыны Данавыя ўзялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара, які быў у яго, і пайшлі ў Лаіс супроць народу спакойнага і бястурботнага, і пабілі яго мечам, а горад спалілі агнём.
28Ня было каму памагчы, бо ён быў далёка ад Сідона і ні з кім ня меў суполкі. Горад гэты быў у даліне, што паблізу Бэт-Рэхова. І пабудавалі зноў горад і пасяліліся ў ім.
29І далі імя гораду: Дан, імем бацькі свайго Дана, сына Ізраілевага; а раней імя ў горада таго было: Лаіс.
30І паставілі ў сябе сыны Данавыя балвана; а Ёнатан, сын Гірсона, сына Манасіі, сам і сыны ягоныя былі сьвятарамі ў племі Данавым да дня перасяленьня жыхароў той зямлі.
31І мелі ў сябе балвана, зробленага Міхам, увесь той час, калі дом Божы быў у Сіломе.