46і было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
47А лявіты паводле пакаленьняў бацькоў іхніх ня былі палічаны сярод іх.
48І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
49Толькі племя Лявіінага ня ўнось у перапіс і ня лічы іх разам з сынамі Ізраіля;
50а даручы лявітам скінію адкрыцьця і ўсе прылады яе і ўсё, што пры ёй: няхай яны носяць скінію і ўсе прылады яе, і служаць пры ёй, і каля скініі няхай ставяць табар свой;
51і калі трэба пераносіць скінію, няхай падымаюць яе лявіты, калі трэба спыняцца скініі, няхай ставяць яе лявіты; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.
52Сыны Ізраілевыя павінны станавіцца кожны ў табары сваім і кожны пры сваім сьцягу, рушэньнямі сваімі;
53а лявіты павінны ставіць табар каля скініі адкрыцьця, каб ня было гневу на супольства сыноў Ізраілевых, і будуць лявіты стаяць на варце каля скініі адкрыцьця.