8усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
9усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.
10Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
11бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
12Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
13Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.
14У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
15Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
16Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.
17Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
18багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда;
19плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
20Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,
21каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.
22Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
23адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.
24Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.
25Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,
26калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
27Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,
28калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
29калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі: