14Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;
15а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
16І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
17А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.
19Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць:
20а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць;
21бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.
22Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;
23калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, - цемра, дык якая ж цемра?
24Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
25Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела - за вопратку?
26Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?
27Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?
28І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
29але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх;
30калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!
31Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».